***

Валерий Познякевич
Смокча смага з Прыпяці ваду --
Высыхаюць, трэскаюць азёры.
Прадчуваю страшную бяду --
Без люстэркаў застануцца зоры.

Мора Герадода!-- Дзе ты ёсць,
Дзе твая артэрыя-крыніца,
Што ўдыхала ў думкі маладосць,
Выцякала з сэрца, бы жывіца. 

Сёння Прыпяць прымушае зноў
Думаць нас аб лёсе чалавечым:
Выбіраць паміж дабром і злом,
Днём, дзе мы жывём і шляхам вечным.

Што пакінем для нашчадкаў мы? --
Перасохнуць думак нашых рэкі.
Не закружыць жорны дзедаў млын --
Змрочны час заплюшчыў людзям вейкі.