Мая музычка

Ольга Маро
Мая музычка ўсцяж на плошчы грае,
Нясецца над натоўпам гукаў зграя.
Пяе з надзеяю на вынік плённы-
Штурхаюць боты капялюш зялёны.

Рашучых крокаў грукат не парушыў
Бязвокі шэры шэраг капялюшаў.
I тоне ціхі спеў маёй музычкі-
Няма да ўвагі дзеля іншых звычкі.

Ёсць толькі мітусня, хлусня ды страты-
Вось справаспіс, благі ды небагаты.
Данiны небагата ў капялюшы.
Ад абурэння чырванеюць вушы!

Заплюшчыць шчыльна небарака вочы-
Ды мроямі лятае ў зааблоччы,
А што яна праз музыку там бачыць-
Да ўсвядамлення, сябра, нам, няйначай:

Падскок на скрыжаванні з босай пятай
Калматай ведзьмы ў віхуры зацятай,
Што з лубіну рве кветачкі, ды макі-
З іх на дарозе выкладае знакі.

А побач- крук ці цмок, або пачвара...
Усмешачка ў музычкі ззяе з твара.
Ды ззяюць перлы ў галаўным уборы.
У белай сукні нехта тут з заўчора-

Анёл ружовы ступні пацірае.
То танцаваў ей захавальнік з раю!
А гурт стаіць у цяжкай, цёмнай млосці
Не апрытомнеўшы ад прыгажосці.