Гэта скончыцца

Махнач Сергей Юрьевсын
Закахаўся я шчыра, сур'ёзна,
Бо я ўвогуле хлопец, што трэба.
"Гэта скончыцца, рана ці позна" –
Усміхаецца сонейка з неба.

Я кажу, што кахаць буду вечна
Толькі тую, адзіную ў свеце…
"Гэта скончыцца, сябар, бясспрэчна" –
У адказ надзімаецца вецер.

Я крычу, да сенсацый ахвочы,
Пра каханне скрозь час і прастору.
"Гэта скончыцца, хлопец, аднойчы" –
Ціхім шэптам адказвае мора.

Ну чаму, адкажыце, чаму так
Безнадзейна, сябры, безвыходна? –
"Ходзяць побач каханне і смутак,
І ніхто іх не бачыў асобна».

13.07.2015