Пiнжак

Махнач Сергей Юрьевсын
З цягам часу боль усё слабей.
Успаміны – смутку караблі –
Дапякаюць менш і менш табе й
Ты ўжо лічыш, што яны сплылі.

Не ўстаеш ад бессані штоноч,
Не глядзіш у цёмнае акно.
Лепшы сябар твой – шатландскі скотч –
Моўчкі размаўляў з табой даўно.

Быццам болю не было зусім.
Дзе ён, адзіноты ціхі жах?
Можа хопіць сустракацца з ім,
Прытуліўшы да шчакі пінжак,
Удыхнуўшы тытунёвы пах,
Што застаўся ў складках назаўжды?

Флагі ўздоўж дарогі на слупах…
Вецер іх калыша, як тады,
У такi ж святочна-сумны дзень,
Дзе, на скрыжаванні двух шляхоў,
З той пары лунае смерці цень –
Вынiк незамоленых грахоў.

Хутка восень, зменяцца вятры,
Караблі прагоняць сэрца ціш,
Сум і боль паселяцца ўнутры
Пінжака, з якім ты разам спiш.

20.07.2015