Зыходзяць людзi

Юрий Игнатюк
Зыходзяць людзі ў шлях бясконцы –
У лепшы свет, да зор, да сонца,
Каб стаць бліжэй да матухны-зямлі.
Зыходзяць з болем і адчаем,
Развітваючысь з родным краем,
Каб душу ў ім навечна пасяліць,
Каб пачуць непазбежны свой прысуд
І спазнаць нарэшце тут –
Хто ж суддзі...

А мы жывем – куды ж нам дзецца,
Пакуль няспынна сэрца б’ецца,
Шукаем сэнс у дзённай мітусні,
А ноччу ўздрыгваем знянацку,
Калі прыснім старую цацку,
Што скрашвала ў дзяцінстве нашы дні.
Быццам здань
Непрыкаянай душы,
Нашы зоркі і крыжы
Паўстануць.

Чагосьці ўсё нам не хапае –
Сумненнем кожны дзень вітаем.
А не хапае толькі аднаго –
Падтрымкі тых, хто ўжо не з намі,
Каго змялі жыцця цунамі...
Аб чымсьці ўпарта ўсё маўчыць пагост.
Прамільгне
Дзесьці ў патаемных снах
Наш дзіцячы боль і страх
І згіне.

Зыходзяць людзі ў шлях апошні,
Пакінуўшы лугі і пожні,
Каб у нябесных шатах адпачыць.
І з кожным днём, і з кожнай хвіляй
Яны далей ад нашай былі,
А нам да іх кутка ўсё меней плыць.
Дабрыдзем –
Кожны ў свой уласны час.
А пакуль чакаюць нас
Дзеці.

27.03.2004