Балада пра вёску Сiтнiцкi Двор

Валерий Познякевич
памяці 482 жыхароў спаленай палескай вёскі
Сітніцкі Двор Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці,
расстраляных фашысцкімі карнікамі 13.11.1942 года
прысвячаецца

Дзень той і сёння, бы ява ў вачах -
Вёска спраўляе дажынкі, пяе.
Бацька цягае мяхі на плячах.
Дзед іх на плечы яму паддае.

Сніў я той ноччу на лузе стагі,
Летнія краскі ля Лані лясной.
З'ела цячэнне яе берагі
Рыкам зубрыным мінулай вясной.

Пах медуніцаю ў полі чабор.
Не прадвяшчала надвор'е бяды.
Неба начное прыліпла да зор,
Як да раллі прыліпаюць сляды.

Карнікі ноччу ішлі да сяла -
Колам замкнулі дарогі, шляхі...
Штосьці сваё пракрычала сава
І паляцела на луг з-пад страхі.

Немец узвёў сярод ночы затвор,
Веснікі выбіў са страху ў людзей.
Вёска палеская Сітніцкі Двор
Плачам сустрэла апошні свой дзень.

Крык туманом лёг на ціхай вадзе,
Што ад слязы мацярынскай прамок.
Карнікі з хат пазганялі людзей,
Не шкадавалі цяжарных жанок.

Выйсці суседка сама не змагла,
Бо пракаванай да ложка была.
Кінулі ў студню яе, каб жыла.
Кінулі ў студню яе, каб плыла.

          -2-

Шляхам гаротным людзей павялі
Ўдалеч ад вёскі, палеткаў і ніў.
Шляхам апошнім на грэшнай зямлі
Ў небе асеннім аблокі плылі.

- Тата, куды мы ўсе разам ідзём?
- Мама, чаму мы вады не ўзялі?
Тата мне слінаю вусны працёр -
Слёзы з вачэй на кашулю ляглі.

Побач заплакаў Ядзьвігін сынок,
Што да грудзей галавою прынік.
Дымам зайшоўся Яўхімаў шынок -
Дым той да вёскі, бы хмара, прыліп.

Хтосьці прыкмеціў ля лесу пясок -
Крыкнуў: -Дык нас жа вядуць на растрэл!
- Людзі, бяжыце ў сасновы лясок!
- Людзі, шукайце ратунку ля дрэў!

Тата матулі прамовіў: - Натуль! -
Шанец застаўся апошні для нас:
-Бачыш той лес? - Я прыкрыю ад куль...
Кулі скасілі абодвух за раз.

Хтосьці на рукі мяне падхапіў,
Крокам імклівым ад смерці ўцякаў.
Дождж кулямётны па дрэвах крапіў,
Кроў па зямлі ручаямі цякла.

- Дзядзька, куды мы так хутка бяжым?
- Дзядзька, мне мама вады не ўзяла!
- Глянь, колькі ў лесе паспелых шыпшын! -
- Можа мы вернемся зноў да сяла?

Дзядзька на дрэва мяне падсадзіў -
Крыкнуў: -Сыночак, трымайся, маўчы!
На той сасонцы да ночы адзін
Я прасядзеў... Я за лесам сачыў.

          -3-

Тата і мама за мной не прыйшлі.
Што мне рабіць? - я баюся ваўкоў.
Злосныя дзядзькі мяне не знайшлі,
Хоць і шукалі кагосьці наўкол.

Я памятаю і сёння той дзень:
Доўга да вёскі я крочыў адзін,
Ды не знайшоў ні сям'і ні людзей -
Ногі стаптаў. Чаравічкі схадзіў.

Лёг каля дзічкі старой адпачыць,
Сам не прыкмеціў, як хутка заснуў.
Вочы расплюшчыў, а вёска маўчыць
І навявае ўспамінамі сум.

Голас данёсся знаёмы здалёк:
- Выжыў! - Сыночак, бяжы да мяне!
- Што ты скруціўся, нібы вугалёк?
- Яблыкаў хочаш? -Ёсьць спелы ранет.

Як мы жылі? -Помніць неба і Бог.
Як выжывалі? -Не ведаю сам.
Многа стаптаў я з тым дзядзькам дарог.
Ён мне пазней пра вайну расказаў.

Вёска мая у магіле ляжыць:
Там, дзе крывёю запёкся пясок...
Дзядзька сказаў, што павінны мы жыць,
Раз убярог нас ад смерці лясок.

         -4-
       
Дрэвы скідаюць пажоўклую медзь,
А я збіраюся, крочу туды,
Дзе, напаткала сям'ю маю смерць,
Дзе пасівелі ад болю сляды.

Я і сягоння пытаю ў сябе:
Хто ж гэта слова прыдумаў: -Вайна!
-Той , хто ніколі не быў на сяўбе?
Той, хто не піў на дажынках віна.

Хто нарадзіў іх з каменнай душой,
Сэрцам халодным, як восеньскі дзень,
Хто іх паставіў усіх пад ружжо,
Хто на іх форму забойцаў надзеў?

Плачуць Хатыні сіроты-званы,
Бы папярэджваюць зноўку ўсіх нас,
Каб мы не зведалі жаху вайны,
Каб памяталі суровы той час,

Дзе кожны трэці палёг у баю,
Дзе кожны першы - бы я, сірата.
Думкі вярэдзяць зноў памяць маю,
Каб я нашчадкам яе перадаў.

- Людзі! - Я Вас папрашу аб адным:
Войнам скажыце рашучае: - Не!
Каб над зямлёй іх развеяўся дым,
Шчасце ўсміхалася дзецям у сне.