Маме

Владимир Хихол
О! Колькі цяжкасцей пазнала,
Трывог і мук перанясла,
Пакуль мяне ты нарадзіла,
Жыццё зямное мне дала.

Сваім цяплом ты сагравала,
Грудным карміла малаком,
І ўсё, што мела, аддавала,
Каб рос здаровым хлапчуком.

І ў Бога міласці прасіла,
Каб мне ў жыцці дапамагаў
І ад няшчасцяў і напасцяў
Мяне заўжды аберагаў.

А колькі ты начэй не спала!
А колькі слёзаў праліла,
Пакуль малому і слабому
На ногі стаць дапамагла!

Ты пра сваё жыццё забыла.
Жыццём сваіх дзяцей жыла:
Ты нас вучыла, нас лячыла,
Дапамагала, як магла.

Прайшлі гады... Цябе не стала.
І галава ўжо ў сівізне.
Я вымаўляю слова МАМА,
Калі трывожна, цяжка мне.

Ах, мама, мама! Колькі гора
Табе прыйшлося перажыць!
Няма шкалы яго замераць.
І баламі не ацаніць.

Я вінават перад табою.
Тваіх надзей не апраўдаў:
Плячо падмогі не падставіў,
З вадою шклянку не падаў.

Я над магілаю скланюся
І прабачэння папрашу,
А ў храме Богу памалюся,
Каб ў Рай прыняў тваю душу.

Ты пекла на Зямлі пазнала.
Яго хапіла цераз край.
Дык хай на тым хоць Свеце будзе
Падараваны Богам Рай.