Прыгажосць палесся

Валерий Познякевич
Аб чым шумяць над Ланню ўлетку лозы,
Да хваляў апусціўшы валасы?
Яны стаяць, нібыта пад гіпнозам
Ад прыгажосці плыннае красы.

Люляе рэчка іх на хвалях хуткіх --
Распавядае казкі, баіць сны.
Трысцё з чаротам ловяць тыя гукі,
Што далятаюць з ветрам з-пад касы.

Калі Гарынь вадой напоўніць Прыпяць,
І паплывуць зялёныя лугі --
Ніхто не зможа сум Палесся выпіць,
І падлічыць разліваў берагі.

Я не прашу ў прыроды лепшай долі,
Бо з ёю паяднаны на вякі:
Тут мой спакой. Душы маёй раздолле.
Тут рыфмы дзён сплятаюцца ў вянкі.