Часцей дадому прыязджай

Мария Ючкович
Зямля, аддаўшы ураджай,
Адпачывае.
Часцей дадому прыязджай:
Усяк бывае...

Усмешкай сціплай стрэне сад,
Пусты, асенні.
Спытае быццам:"Ты не рад?"
У задуменні.

І зашапоча асака
Ніякавата:
-- Глядзі, заснула ўжо рака.
Халаднавата...

На хатнішчы -- драўляны крыж.
Перажагнайся.
Тут, нібы ў храме, ты стаіш,
Таму -- пакайся.

Аддай зямлі зямны паклон
Ў святым маленні.
Тут твая спадчына спакон.
Тут продкаў цені.