Дарога дамоу

Юрий Игнатюк
На месяц раз адзіны
Саджуся я ў машыну,
Мяняю хісткі час
На сталую прастору.
Націсну зноў на газ –
Адкажа бездакорна.
І ляжа шлях ля ног,
Як верны чорны дог.
Дарога дамоў – гэта прага спаткання
З тым хлопцам, якім сам калісьці я быў.
Дарога дамоў – гэта пошук прызнанняў,
Ніколі нікому якіх не дарыў.

На месяц раз адзіны
Асфальтавы гасцінец
Вядзе мяне няўзнак
Да прыхаванай сцежкі.
Амаль няўлоўны смак
Забаў ды ўцех бязгрэшных
Безпамылкова тчэ
Слату маіх вачэй.
Дарога дамоў – гэта шанс азірнуцца
Без пэўнай патрэбы круціць галавой.
Дарога дамоў – гэта спроба звярнуцца
Да тых, хто навек зачыніў свой пакой.

На месяц раз адзіны
Я крочу да машыны,
Каб у чарговы раз
Ёй боль і лёс даверыць,
Каб павуцінне трас
Жыццём уласным змерыць
І ў блытанцы шляхоў
Знайсці адзін – дамоў.
Дарога дамоў – гэта дзверы сусветаў,
Магчымасць спазнаць, што чакае пасля.
Дарога дамоў без відочных прыкметаў
Вяртае мяне да жыцця спакваля.

28.03.2006