Напiсанае, веру, застанецца

Мария Ючкович
Напісанае, веру, застанецца.
Праз неспакойны, бурны час зямны
Яно не раз у сэрцах адгукнецца,
Наведае ці яву ці то сны.

Яно трывожыць будзе напамінам
Пра тых, хто ў вечнасць ціха адышоў,
Зямлю, да болю родную, пакінуў
Пад шолах траў або пад плач дажджоў.

На могільніку -- ціша, мора свечак
І словы памінальнае Імшы
За небажыхароў. Даруй ім вечнасць,
О Божа моцны, ім дапамажы.

Святлом любові зноў азорыць памяць
Зямныя незабыўныя сляды.
І кружыць, кружыць лісцевая замець...
Дзень памінання продкаў. Дзень святы.