Прызнанне

Мария Ючкович
Вадой крынічанька,
Сокам чарнічанька,
Мяне, стамлёную,
Вы запалонілі.

Пахучым коласам
Паклон да пояса
Мне поле жытняе
Шле старажытнае.

А птушкі спевамі,
Ветрык павевамі
Самоту ціхую
Вы закалыхвалі.

Зямля -- любоў мая,
Самая родная,
Самая слаўная,
Ты, старадаўняя.

Ты -- мая весняя,
Ты стала песняю,
Маёй найлепшаю
Любоўю першаю.

І што б там ні было,
Тваіх гаёў святло
Душу палечыць мне,
І цяжкі дзень міне.