Я вершы грызу

Махнач Сергей Юрьевсын
Я вершы грызу тэрмінова:
Наперадзе, кажуць, зіма.
Адкусіш – чарвівае слова,
Бо «хіміі» ў вершы няма.

Што грэблівы выплюне хутка,
Я тое смакую паўдня.
І гэта не байка, не чутка,
Бы яблыкам вершы – радня.

У вершаў, паспелых пад восень,
І водар адметны, і смак.
Надкусваю смела, і вось ён –
Мой доўгачаканы чарвяк!

На крытыкаў кіслыя міны
Спакойна адказваю тут:
«Патрэбныя мне вітаміны,
Люблю натуральны прадукт!»

Ірваць не збіраюся глотку,
Даказваючы, што не псіх.
Спяку, лепей, з вершаў шарлотку
І вас пачастую – усіх.

02.11.2015