Па лесвiцы уверх

Махнач Сергей Юрьевсын
"И не стоит смеяться над названием. Это серьёзная тема"
                И.Карнаухова


Я аднойчы прыдумаў гульню, каб жылося цікава:
Дзень за днём, год за годам па лесвіцы рухацца ўверх.
Пераскокваў прыступкі і крочыў даволі рухава,
Не звяртаючы ўвагу на дробязі – зайздрасць і смех.

Я ішоў і не ведаў: куды дабяруся, што будзе?
Лёгка мог апынуцца ў адной з прыдарожных канаў.
Узнікалі ў мяне на дарозе патрэбныя людзі,
Непатрэбныя словы трымаў у сабе – праглынаў.

Як усе – памыляўся. Мне дорага ўсталі памылкі.
Выпраўляючы іх, пачынаў, як заўсёды, з нуля.
Лёс мяне гартаваў. Я звычайна ягоныя ўхмылкi
Цягавіта ўспрымаў і з'яўляўся ізноў ля руля.

Складваў я нескладанае: вершы, адносіны, цэглу –
Пачынаючы з простага, рухацца ўперад прасцей.
Не цураўся людзей, хай яны на баку процілеглым –
Я аднолькава шчодра прымаў самых розных гасцей.

Вышыні не баяўся, вачэй не заплюшчваў ніколі,
З цягам часу сустрэў і сяброў, і каханне, і ўсё,
Каб на верхнім паверсе знайсцi неабсяжнае поле,
І пайсцi басанож, адчуваючы, гэта – жыццё.

08.11.2015