Дзень майго нараджэння

Мария Ючкович
Калі Божая моц стане моцным маім абярэгам,
Калі вецер трывог стане раптам надзеі начлегам,
Маёй веры прамень уліецца ў святло Ўваскрашэння,
Значыць, гэта мой дзень -- дзень майго нараджэння.

Калі Божы святы супакой мяне цалкам агорне,
Вершы ў поўнач цішком прабяруцца ў бяссонне,
Заспявае душа, распазнаўшы былое натхненне,--
Значыць, гэта мой час -- час майго нараджэння.

Найвышэйшы мой Бог, навучы мяне шчыра маліцца,
Прычасціцца душой да прасветлай Тваёй таямніцы
І прасіць за грахі, на каленях прасіць прабачэння.
Дзень сягоння які!.. -- дзень майго нараджэння.