Чары лета

Мария Ючкович
Чары лета, вы недаўгавечныя,
Ды затое вечны напамін.
Таямніцы сніць мае сардэчныя
Не ў пару расцвіўшы мой язмін.

Твой схавалі пацалунак слодычны
Россыпы няходжаных суніц.
І рамонак, сціпла мне варожачы,
Зберагае святасць таямніц.

Гладзь ракі ўся зоркамі засеяна.
Двое на сцяжынцы лугавой...
Галава ўспамінамі захмелена.
Што ж паробіш з гэткай галавой?..