Восенi сумны герой

Махнач Сергей Юрьевсын
Не шукайце мяне ў гэтым богам пакінутым снежні,
Я застаўся ў палоне, я восені вечны даўжнік.
Лістапад не адпусціць, ён будзе змагацца, канешне, –
Самы вопытны, самы дасведчаны мой вартаўнік.

Я прабраўся, як злодзей, скрозь верасня зорныя ночы,
Абяцаўшы яму да світання вярнуцца назад.
Першы месяц мяне праміргаў: на санлiвыя вочы
Лісце верасню скінуў мой сябар – дагледжаны сад.

Толькі верасень – гэта траціна, пачатак уцёкаў.
Марна марыць, што восень адпусціць мяне маладым.
Я запальваў масты, каб яе не палохацца крокаў,
Я хаваўся, пускаючы ў вочы кастрычніку дым.

Моцна восень звязала вузлом і шляхі, і дарогі,
Мне зіму не сустрэць, я дарэмна сябрам абяцаў:
Лістапад ланцугамі скаваў мне прамоклыя ногі,
Вострым клінам буслоў сэрца хворае трапна працяў.

Снежань будзе чакаць – абяскроўлены, слотны, няўцешны,
Спадзявацца, што выпраўлю я нейкім чынам настрой… 
Не шукайце мяне ў гэтым богам пакінутым снежні,
Я застаўся ў палоне, я восені сумны герой.

05.12.2015