Мой горад

Юрий Игнатюк
Я бачу свой горад такім незнаёмым –
Як быццам, не жыў тут мо тысячу год.
Амаль што заўчора па аэрадроме
Я крочыў у неба да новых прыгод,
А сёння тут безліч праспектаў і гмахаў
І значна радзей тут імкнуцца ў палёт.
Пабольшала ўсмешак, паменела страхаў
І цвіллю не вее з суседніх балот.

Я бачу свой горад такім незнаёмым –
Здаецца, ён недзе стагоддзі блукаў.
Бадай, толькі ўчора гісторыі зломы
Раскідвалі ўсіх нас па розных кутках,
А сёння мы разам, нам ёсць дзе спыніцца
І кожную хвілю да кроплі пражыць.
Калі ўжо нам шанц выпаў тут нарадзіцца,
То тут нам – любіць, працаваць і спачыць.

Я бачу свой горад такім незнаёмым –
Як быццам, ён выгляд мяняе штодня.
Ён – наша ўладанне, ён – наша маёмасць,
Ён – бос нам і адначасова радня.
І сёння, і заўтра забыцца пра ўчора
Не зможам. Бо ў ім наш жыццёвы выток.
У кожнага ёсць свой захоплены горад,
Дзе робім свой першы свабоды глыток.

Я бачу свой горад такім незнаёмым –
Не верыцца часам, што недзе тут рос.
Здаецца, нядаўна быў луг побач з домам,
А сёння – суцвецце імклівых дарог.
Я нават не ведаю, выбраць якую...
А зрэшты, свой шлях я акрэсліў даўно,
І кветак на ім мне пакуль не бракуе.
Мой горад, ты – мэта, ты – курс, ты – стырно.

14.04.2008

* Стихотворение ранее было опубликовано мной на Стихи.Ру под псевдонимом Иван Леонидов. Страница-клон с таким именем закрыта.