Сяджу нiбы воук адзiнока...

Станислав Шастак
Сяджу, нібы воўк. Адзінока...
Звініць  у вушах цішыня,
А недзе далёка-далёка
Сядзіш, мо' таксама адна.

Паўзуць чарапахай хвіліны
Абрыўкамі думак ўразброд:
Пра кіпень садоў, пра пчаліны
Бурштынава-сонечны мёд,

Пра хвалі зялёныя Шчары,
Пра неба высокі блакіт,
Пра мроі аб шчасці, пра чары
Русалак у ценю ракіт,

Пра сонца іскрынкі на хвалі,
І сонца іскрынкі ў вачох,
Пра звонкія гонкія далі,
Дзе голас кахання не глох,

Пра клён ля забытай дарогі,
Пра след нашых ног на пяску...
Як знак непазбыўнай  трывогі,
Самотнае ў лесе "ку-ку"...