Зiмовы россып. Трыялеты

Мария Ючкович
У садзе старым зімовым
Ляжаць снегавыя суквецці.
Мне снег брыльянтамі свеціць
У садзе старым зімовым.
Яблынь убор шаўковы.
Вясна заблукала дзесьці.
У садзе старым зімовым
Ляжаць снегавыя суквецці.

Ялінкі навагодняй лёс...
Ён святам заімглёны,
Як па прымусу заручонай,
Ялінкі навагодняй лёс...
А ёй бы бачыць сінь нябёс
Ды абдымацца з клёнам!
Ялінкі навагодняй лёс...
Ён святам заімглёны.

Нямая ціш зімовых даляў.
І тонуць гукі у снягах.
Пустынны і бясконцы шлях.
Нямая ціш зімовых даляў.
Няспешна зоркі дагаралі
Ў даўно пакінутых стагах.
Нямая ціш зімовых даляў.
І тонуць гукі у снягах.

Гронкі рабіны нібы снегіры.
Бела. Пустынна. Марозна.
І сумаваць пра былое запозна.
Гронкі рабіны нібы снегіры.
Раніца. Ззянне марознай зары.
А ў памяці дзень, які пахнуў мімозай...
Гронкі рабіны нібы снегіры.
Бела. Пустынна. Марозна.

Снег, ты  сабою ўсё запаланіў,
Глыбокі, свежы, першародна чысты.
Якая ціш, самота, урачыстасць!
Снег, ты сабою ўсё запаланіў.
Пад белай коўдраю -- абшары ніў.
І дрэмле задуменна бор вячысты.
Снег, ты сабою ўсё запаланіў,
Глыбокі, свежы, першародна чысты.

Зіма! Уяўны твой спакой
Красы халоднай.
А рэкі ўсё ж не спяць пад лёдам.
Зіма! Уяўны твой спакой.
Да шчасця мне -- падаць рукой.
Яно -- у шчасці маіх родных.
Зіма! Уяўны твой спакой
Красы халоднай.

Карагод легкакрылых сняжынак,
Белы смутак, бясшумны танец...
Палюбуйся, бо ўраз ён растане,
Карагод легкакрылых сняжынак.
Ад няўлоўнай нябеснай лавіны
У душы промень светлы прагляне.
Карагод легкакрылых сняжынак --
Белы смутак, бясшумны танец...