мауклiвы крык

Аляксандра Фагот
Штодзённа расплаўляецца мой воск.
свяча-луска запальваецца і
гарыць, гарыць, гарыць,
катуе да стану, калі
крыкі праз боль - недарэчныя.
Ніхто не ратуе чалавека,
паланёнага на міліённым коле пекла.
вядомыя ж толькі дзевяць.

Штогадзінна вугальны, параны цень
выварочвае рукі, ламае пальцы,
хапае бруднымі рукамі за горла,
скручвае галаву.
з трэскам вогненнага лесу.
пад гукі чачоткі.
расцягвае пазногцямі-лязом
усмешку на застылым твары.

Штохвілінна ў вушах гучыць смех
усіх істот, згубленых у ва мне.
выюць, равуць, спакушаюць,
намаўляюць далучыцца да іх,
кпяць з маёй прагі жыцця.
Гутаркамі перакрыквала гул.
раней.
зараз маўчаннем хіба толькі
дапамагаю ім мяне зжыць.

Штосекундна адзіным жывым,
адзіным сапраўдным, што маю,
малю Цябе ўкрасці мяне ад сябе.
позіркам.
аскеткам жамчужных аблокаў на зрэнцы.
слязьмі роспачы,
якія спаўзаюць з пластамі воску.

мяне.
увазьмі ў твой палон.
пад абарону.
за сэрца.
за душу.
за руку.

ці проста ўвазьмі...
і рабі са мною, што хочаш.