Магiлы малодшых сясцёр

Юрий Игнатюк
Памяці В.Б.
Шчырая падзяка В. Бутусаву, чыя творчасць дала штуршок для напісання гэтага верша

Вуснаў застылых пунсовы апёк
Дзесьці пад сэрцам гарыць, не сціхае.
Вецер-спакуснік узлез на грудок,
Прагна адтуль за вуаль зазірае.
Веру, Надзею, Каханне, Жыццё
Нам аддаеш, як падмурак для храма.
Кожны з нас робіць сваё адкрыццё –
Потым, калі ўжо зачынена брама.
Сэрца ўсё ведае і разумее, але адмаўляюцца вочы
Верыць таму, што да часу згасае жыццёвы касцёр.
Гэта не сон, але ўсё ж параджэнне вар’яцкае ночы:
Мы аздабляем магілы малодшых сясцёр.

Страшная сіла – тваё хараство,
Б’е з-за пляча, у душу каб пацэліць.
Жыць дзеля іншых – тваё рамяство.
Жыць за кагосьці – не здолела цела.
Нешта не так, калі дом – не жытло,
Існасць – не сутнасць, а рэч – не рэальнасць.
Плашч за плячыма – яшчэ не крыло,
Погляд з усмешкай – яшчэ не спрыяльнасць.
Ты ж назаўсёды па той бок і гэты жыцця засталася cапраўднай,
Веры не даўшы таму, хто мінулае з памяці сцёр.
Зноў да адвечнага сонца ўздымаюцца дрэвы і травы,
Каб прарасці на магілах малодшых сясцёр.

30.03.2012