Каханне

Жанна Улахович
З вечаровай цемры да самага ранку
Зорачкі лічылі з хлопцам яснавокім.
Прасядзелі побач на шырокім ганку.
З неба пасміхаўся месячык далёкі.

Абяцаў мне любы завушніцы з зорак,
Залаты пярсцёнак з бліскавіцы звіты,
У валасы вяночак кветкавым узорам,
Пацеркі на шыю з ягад сакавітых.

Цалаваў пяшчотна, абдымаў за плечы.
Птушкі заспявалі ў вышыні чароўна,
Што каханне будзе паміж намі вечна,
Застанецца з намі пачуццём каштоўным.