Наш час

Валерий Познякевич
Наш час губляе дух народнай веры,
Хавае вочы ў прыцемку начэй.
Ён паяднаўся з позіркам Хімеры:
У зрэб'і ходзіць, торбу валачэ.

Антынародны, шкодны, нелюдзімы --
Ён нішчыць чалавечае жыццё.
Ён лічыць не хвіліны, а гадзіны,
Бо для яго пачуцці, бы асцё.

У часе гэтым мы жывём без мэты --
Не бачыць ён, як гіне мой народ.
Тут постаці людзей, бы сілуэты,
Размытыя дажджом не доўжаць род.

У часе нашым страчаны надзеі --
Няма любові, -- ёсць падман і грэх.
Мы здраднікаў у часе праглядзелі --
Яны калолі лёсы, бы арэх.

Не трэба ім народ і тыя мары,
Што ў сэрцах ажываюць, бы званы.
Няма ў тым часе для людзей нірваны,
Бо людзі не вярнуліся з вайны.