Роднай мове

Ольга Жогло
     Як жа нам не любіць
    сваю родную мову?
    падарункам гучыць
    на ёй кожнае слова:
    завушніцы, пярсцёнкі,
    дыяменты, каралі,
    нізка пацерак звонкіх
    і жытнёвыя хвалі.
    Жыта спелае, жнівень,
    бусел на сенажаці...
    Мовы дзве ў краіне,
    ды адна толькі - маці.
    Лістапад і кастрычнік -
    ліст упаў на кастрыцу.
    Як такое празрыстай
    мовы нам не напіцца?
    Снежань, студзень і люты
    снежаць, студзяць, лютуюць,
    калі дрэнна абуты,
    пэўна, не пашкадуюць.
    Не шкадуе і лёс,
    ды і мы не шануем
    гаманкую, як лес,
    мову нашу - святую.
    Сакавік - сакавіты
    красавік - красак поўны...
    Ты з найбольш старажытных,
    Ты адна з найцудоўных,
    На суніцах, ажынах
    настаяная летам!..
     Назаўсёды Скарына
    мову нам запаведаў.