Ча-ча-ча

Сержук Сыс
Я не ведаю як стракоча кулямёт Томпсана ў закрытай прасторы
што ж рабіць, ці ў Чыкага морам падацца, 
ды там і застацца на скатабойні
з прастрэленым вухам і брухам,
з пустою абоймай?
Жах!
Я таксама ня ведаю колькі спатрэбіцца спірту “Раялю”
каб плюхнула хваля з Эмпайер Стэйт білдынг вышынёй
Што рабіць, Божа мой!
Далучыцца веткай метро да завода “Крышталь”
і зліваць спірт у ліфт? Дык памрэ пан сахі і касы…
Гэта жах і шкандаль!
І яшчэ невядома мне колькі гадоў прусаку-вусачу церабіць Беларусь,
зневажаць свой бяскрыдлы народ
Што рабіць? Мо аграбіць Нацбанк,
каб на сціплы запас залаты ў Камеруне прыдбаць касмалёт
І адправіць на Марс вусача?
Гэта клас, гэта ўлёт!
Ча-ча-ча…

2016.