Што пасееш, тое пажнеш

Владимир Хихол
  Рыгоравы бацькі крыўдзіліся на сына, што ён не дапамагае ім, старым, бездапаможным. Аб гэтым яны гаварылі самому Рыгору, аб гэтым скардзіліся і суседзям.
  Рыгор жа апраўдваўся: "А што ж я магу зрабіць? Не магу ж я разарвацца на два фронты: і вас даглядаць, і дзяцей гадаваць. Вы ўжо сваё аджылі, а дзеці толькі пачынаюць сваё жыццё". І ў апраўданне сваёй пазіцыі бацькам і суседзям расказваў легенду. Слухалі яе таксама і яго дзеці.
 - У гарах, якія акружалі вялікае горнае возера, на высокай недаступнай скале змайстраваў Арол сабе гняздо. Не адну сям'ю арлоў выгадаваў ён у гэтым гняздзе. Але з цягам часу скала стала рушыцца. Пад гняздом утварылася трэшчына, якая з кожным годам павялічвалася. Узнікла пагроза разбурэння гнязда. І Арол адправіўся ў падарожжа для пошукаў новага месца. Ён абляцеў усе горы, покуль не знайшоў на процілеглым  беразе возера прыгодную для гнязда скалу.
  Зрабіўшы новае гняздо, Арол стаў пераносіць сваіх дзяцей. Ён узяў у кіпцюры адно арлянятка і панёс яго над возерам. Даляцеўшы да сярэдзіны возера, ён пачаў размову:
 - Вось, я цябе кармлю, саграваю, ратую ад смерці. А ці будзеш ты так клапаціцца аба мне, калі я стану старым і нямоглым?
 - Буду, татачка, буду!- завішчэла арлянятка.
 - Хлусіш,- сказаў Арол і распусціў кіпцюры. Бездапаможнае арлянятка паляцела ўніз, у возера, а Арол вярнуўся за другім.
  Пералятаючы над возерам з другім арляняткам, ён паўтарыў тую ж самую размову, што і з першым. І адказ пачуў такі ж, як і ад першага. І другое арлянятка паляцела таксама ў возера, а Арол вярнуўся за трэцім.
  Несучы трэцяе арлянятка над возерам, Арол паўтарыў сваю размову:
 - Я цябе кармлю, у холад  саграваю, ратую ад смерці. А ці будзеш ты так клапаціцца аба мне, калі я стану старым і бездапаможным?
 - Не, татачка, не!- адказала арлянятка.
 - А чаму?- грозна спытаў Арол.
 -А таму, што ў мяне будуць свае дзеці і трэба будзе клапаціцца аб іх.
 - Правільна,- сказаў Арол і данёс яго да новага гнязда.
  Прайшло многа часу. Даўно памерлі бацькі Рыгора. Ужо магілы іх пазарасталі травою і кустамі. Даўно выраслі і раз'ехаліся па свеце дзеці Рыгора. Падкралася і да яго старасць. Усё больш і больш яму патрэбна дапамога, але чакаць яе няма ад каго.
  Ходзіць Рыгор па вёсцы і скардзіцца на сваіх дзяцей:
 - Другія дзеці прыязджаюць да сваіх бацькоў, дапамагаюць ім, некаторыя нават забіраюць бацькоў да сябе, а мае не прыязджаюць, не пішуць і не звоняць... Зусім забылі пра бацьку...
  Людзі слухаюць, моўчкі спачуваюць, некаторыя нават кажуць нядобрыя словы ў адрас яго дзяцей.
  Але, аднаго разу, Васіль, равеснік Івана - старэйшага сына Рыгора, асадзіў яго:
 - Дзядзька Рыгор, няма чаго крыўдаваць. Як кажа пагаворка: "Што пасееш, тое і пажнеш"- і напомніў яму "Легенду пра Арла", якую так часта любіў расказваць Рыгор у маладосці.