Крынiца

Ольга Маро
Аднайшоўшы ў лесе сваю крыніцу,
Карчаваў шурпатыя камяні,
Рашчышчаў ад ціны і ад ігліцы,
Гарадзіў, наладзіў і адмяніў.
Гаспадар уважлівы і руплівы,
Цешышся на вынік, на свой спадзёў,
Слухаеш крыштальныя пералівы,
Назіраеш водбліскі прамянёў.
Запярэч усялякія стромы, стрымкі,
Захавай, не вызначыўшы мяжы.
Умацуйся рэчышчам для абдымкаў,
Берагамі плынь маю беражы.
Увайсці ў ваду маю шанец маеш
Двойчы, тройчы, тысячу раз запар.
Дзьве далоні ў марыва паглыбляеш,
Дзённа амываючы мною твар.
Шчодра разліваюся, прыбываю,
Абмінаю цемрадзі яраў-згуб.
Чысціню ў блакітны цянёк хаваю,
Холад падарожнікам ломіць зуб.
Акіян імглісты мой па-за столлю
Неспадзевам можаш не зразумець,
Тое, што аднойчы пайшло на волю,
Не стрымае гаць і не стоіць клець.


Нашто зласлівым катуеш зрокам.
Ужо каханне тваё- папрокам.
Навошта праца і плён заўчора,
Калі каханне тваё – дакорам.
Няўжо зайздосціш каму напіцца?
Не затрымаеш святла з крыніцы.
Не ўлегчы глеем мне на прыдонні.
Я мушу бегчы! За мной Пагоня.
За мною Вершнік, я чую збрую,
Рыпіць папруга ды плашч віруе.
І голас скрыгае, як жалеззе.
Ён прыспяшае свае імпрэзы,
Дзе смерць і зброя найлепшым строем,
Дзе кроў сцякае па аналою.
Злуе чаканне яго адэптаў.
Ён мне ў патыліцу мовіць шэптам,
Гарачым газам штурхае поршні.
“Той Май не горшы. І не апошні.”