Вясковы вечар

Ольга Титенок
Ад ваконца цягне халадком,
Коўдраю агортваюцца плечы.
Рана настае зімовы вечар,
Пахне цёплым хлебам з малаком.

Нібы пацяшаецца з мяне
Смешная лупатая дзяўчынка,
Што глядзіць з сівога фотаздымка
На старой абшарпанай сцяне.

Не чуваць за вокнамі пургі...
Да сцяны стары услон прыцісну.
Водарам шчаслівага дзяцінства
Поўняцца духмяна пірагі.

Смажанка настойліва шкварчыць,
Быццам ёй кампанія няўгодна...
Я святкую вечар навагодні
Ля старой бабулінай пячы.