Рапсодыя жыцця

Ольга Титенок
Зіхоткім срэбрам рэчка калыхалася,
На беразе палалі верасы...
Ты не сівы. Я ўрэшце здагадалася,
Што ты пляцеш туман у валасы.

Сачу за кожным жвавым, лёгкім рухам -
Ён выдае сапраўдны твой узрост.
Ты не сумуй, а лепей вось паслухай
Гамонку неба, ветру і бяроз.

Яны збялелі ўжо - ды як выдатна
Гучаць іх маладыя галасы.
Не сівізна - я ведаю дакладна,
Што ты пляцеш туман у валасы.

А маладосць як белы бусел кружыць
І адлятае ў вырай - назаўжды.
Давай з табой лічыць не будзем дружа
Ні добрыя, ні цяжкія гады.

...Глядзіш на ціхі бераг - не згадаеш,
Што тут цвілі калісьці верасы...
Мне сумна. Я штодзённа назіраю:
Жыццё пляце туман у валасы...