Старонку за старонкаю...

Валентина Владова
Старонку за старонкаю ў вечнасць
Мой каляндар адлічвае гады.
Па ім звярае час і чалавецтва.
Усяму мяжа, і я іду туды.

З падзеннямі, здабыткамі, з гарэннем,
Цярністым шляхам (Бог яму суддзя),
Аставіўшы пасля сябе карэнні.
У карэннях тых другое будзе "я".

Пуд солі з'еўшы, усю пазнаўшы смагу,
Я да пляча жыцця тулюся зноў
І аддаю яму ўсю ўвагу,
Бязмерную і шчырую любоў.

Устаю й лажуся з вераю адзінай,
Трымаю ў абдымках моцных тых
І ведаю: ніколі не пакіне
І сіл дайсці ў нас хопіць на дваіх.