Птушыныя яйкi

Валерий Познякевич
Гарачы летні дзень змарыў мяне,
Каб я прылёг на ліпеньскія травы,
І на зялёным, мяккім дыване
Даў адпачыць касе ад важнай справы.

А вочы праглі дбайнага дажджу,
Пчалінай песні над квяцістым лугам,
Там, дзе зрання з касою я хаджу –
Траву ў валкі сплятаю цесна, туга.

Ды раптам – бачу ў купіне гняздо.
Я тут касіць не маю, браткі, права.
Тры яйкі ў ім... Касы маёй лязо
Ледзь трох дзяцей у птушкі не забрала.

Ды вось яна! – то жаўранак-вяшчун
Касца бясстрашна з лугу праганяе.
Ды так і быць – я сам таго хачу,
Каб птушаняткі вывеліся з яек.