Iзноу па травах...

Клавдия Семеновна
Ізноў па травах дождж нямілы хлышча.
За паласой няскошанага хлеба
Зрудзела залацістае іржышча.
...Прасіцілася жнівеньскае неба,

Навісла шэрай хмарай таўстапузай,
Чапляецца за сосны і бярозы,
Над недаспела-русай кукурузай
Лье безупынку жаласныя слёзы.

І толькі ззяюць радасцю рабіны,
Ды забуяла пышная атава,
А шустры юны вывадак бусліны
Палюе жабак па лагчынах жвава.

...Цярушыць дожджык, сыплецца бясконца.
У марнатраўцы-лета зноў нястача:
На колькі тыдняў не хапіла сонца.
А вінаваты ...жнівень. Вось і плача.

Жнівень 2016