Першы лёд

Ольга Маро
Зажмурыўшыся незнарок
Чакаю я нягод,
Бо сціплым дотыкам сынок
Кранае першы лёд.
Балюча зімнае ўпякло,
Ды цвёрды боль – з чаго?
Ён б’е каньком зласліва ў “шкло”,
Ён б’ецца аб яго.
Зваліўшыся і так, і сяк,
Накоўзаўшыся ў гнеў,
Пакаштаваў бы і на смак-
Язык не дастае.
Напрыканцы прыстасаваў
Лядовы досвед свой-
З хакейным полем сам-насам
Вядзе дзіцячы бой,
Упарта адхіліўшы твар
Ад трэнеравых лёз,
Каб той яго не шкадаваў,
Каб той не бачыў слёз.
Пад пахі, быццам кацянят,
Нясуць малых браткі,
Каб тузаць конусавы рад,
Каб тузацца ў барткі.
Праз краты параю сыдзе
Пакрыўджанасць салаг.
Цячэ вада па барадзе,
А пальцам не ў дасяг.
Чарга дрыготкае прыгод
І рук бацькоўскіх трус:
Чарговы раз 
Сышла на лёд
Жывая Беларусь!



Фота аўтаркі.