Похмелился

  У гэты дзень Міхась праснуўся значна пазней, чым заўсёды, і адразу адчуў, што галава яго аж расколваецца ад болю, у роце суха і прыкра, ды і, наогул, усё яго цела нібы не сваё. З вялікімі цяжкасцямі ён вырваў сваё цела з пасцелі і пачаў апранацца. Яго худыя доўгія ногі ледзь утрымлівалі абмяклае цела, а дрыжачыя пальцы рук з цяжкасцю зашпілялі гузікі вопраткі...
  І тут Міхась успомніў учарашні дзень. Які ён быў для яго шчаслівы! Блукаючы па лесе ў пошуках грыбоў, Міхась надышоў на паляну, на якую, па ўсім было відаць, даўно не ступала нага грыбніка. Амаль уся яна жаўцела ад лісічак.
  Міхась кінуўся паспешна іх сабіраць, баючыся, што могуць з'явіцца "памагатыя". Праз паўгадзіны тара яго была запоўнена. Два пакеты былі паўнюсенькімі.
  Шчаслівы і вясёлы Міхась адправіўся дадому, у горад. Тут ён здаў грыбы знаёмаму нарыхтоўшчыку і атрымаў, як ніколі, вялікую суму грошай. Нарыхтоўшчык нават прэмію выдаў за рэкордны збор і здачу. Шчасцю Міхася не было межаў.
  І тут у яго ўзнікла ідэя: ажыццявіць сваю даўнішнюю мару. Міхась любіў выпіць. Але піў ён толькі пладова-ягаднае віно, празванае ў народзе "чарніла".
На лепшае не хапала грошай. А так хацелася паспрабаваць больш дарагія віны і напоі, якія ў розных памераў і формаў бутэльках упрыгожвалі паліцы віна-гарэлачных аддзелаў крамаў, і якія купляюць і п'юць толькі заможныя асобы! Цяпер ёсць магчымасць ажыццявіць гэтую мару. І доўга не думаючы,ён, не заходзячы дадому, накіраваўся да бліжэйшай крамы. Там, у віна-гарэлачным аддзеле Міхась затарыўся ўсім тым, што падказвала яму яго жаданне.
  Узяўшы ў другім аддзеле сёе-тое на прыкуску, ён выйшаў з крамы і накіраваўся на ўскраіну горада, на бераг ракі, заросшы хмызняком. Там, пад ракітавым кустом, ён і аблюбаваў сабе месца для пікніку.
  Усеўшыся пад кустом і мурлычучы сабе пад нос песню: "Сёння ў нашай хаце свята...Гуляць, дык гуляць..."- Міхась рассцяліў на траве газету, выклаў на яе бутэлькі і закусь і распачаў "дэгустацыю".
  Колькі часу яна працягвалася і як закончылася, ён нічога не помніць. Не помніць таксама, як дабраўся да дому: сам дапоўз, ці хто прывалок.
  "Без пахмелля не абыйсціся,- падумаў Міхась,- але дзе ўзяць грошы?" Праверыў кішэні - пустыя. Пайшоў да суседа, каб пазычыць, але той, ведаючы, як Міхась спяшыць вяртаць пазыкі, адмовіў яму. І тады Міхась, узяўшы ровар, каб менш хістацца, накіраваўся на рынак з надзеяй сустрэць там каго-небудзь са знаёмых і вырашыць сваю праблему.
  Доўга блукаў Міхась па рынку. Сустракаліся знаёмыя, але з такімі ж пустымі кішэнямі, як у яго.
  Страціўшы ўсякія надзеі, Міхась пануры, апусціўшы галаву, накіраваўся да выхаду. Але ў варотах рынку ён убачыў маладога незнаёмага мужчыну, з сінім, як у Міхася, носам, але вясёлым тварам. Позірк ягоны быў скіраваны на Міхася.
  "Здароў, бедалага! Мабыць пахмяліцца хочаш?- з ухмылкай на твары звярнуўся ён да Міхася.- Сам ведаю".
  Міхась аж апешыў ад нечаканасці і не ведаў, што і сказаць. А незнаёмец і не стаў чакаць ад яго адказу, а прадоўжыў: "Пойдзем, вунь, за той куст бэзу, каб не засвяціцца",- і накіраваўся да куста. Міхась, не задумваючыся, кінуўся за ім. Нават ногі сталі больш паслухмянымі.
  За кустом бэзу, які, сапраўды, добра прыкрываў іх ад людскіх вачэй, незнаёмец дастаў з-за пазухі бутэльку з "чарнілам", напалову ўжо адпітую. Спачатку пацягнуў з яе добра сам, а рэшту перадаў Міхасю.
  Паклаўшы на траву ровар, Міхась схапіў дрыжачымі рукамі бутэльку і з прагнасцю прыліп да яе вуснамі. Бутэлька хутка пусцела, а Міхась усё больш і больш задзіраў галаву з бутэлькай, каб у ёй не засталося ніводнай кроплі.
  Незнаёмец увесь час пільна назіраў за ім, і, калі Міхась пераканаўся, што ні адна кропля не ўпадзе больш на яго язык, адарваў бутэльку ад вуснаў і апусціў яе.
  Незнаёмец у гэты час полез у кішэню, дастаў адтуль грошы і працягнуў іх Міхасю. "Схадзі і купі яшчэ бутэльку"- прапанаваў ён.
  Міхась паспешна ўзяў грошы і памкнуўся да ровара, але незнаёмец спыніў яго. "Ровар няхай застаецца, я яго папільную,- сказаў ён,- а ты пяшком, наўпросткі, хутчэй будзе.
  "Баіцца, што з роварам не вярнуся",- падумаў Міхась і пагадзіўшыся, пяшком накіраваўся у бліжэйшую краму.
  Але, як на зло, прадаўшчыцу з віна-гарэлачнага аддзелу паклікалі да тэлефону, узнікла чарга і яму прыйшлося затрымацца.
  Праз некаторы час, атрымаўшы доўгачаканую бутэльку "чарніла" , Міхась амаль подбегам кінуўся да куста. Ва ўяўленні яго ўжо рысавалася карціна ўдачнага пахмелля.
  Вось і куст. Але... Ад нечакакнасці Міхась ледзь не абамлеў. За кустом ні незнаёмца, ні ровара не аказалася.
  Міхась кінуўся на пошукі ў адну, у другую, у трэцюю стораны, але ад незнаёмца і "след прастыў". Нарэшце ён зразумеў: за бутэльку "чарніла" ён аддаў амаль новы, дабрусенькі ровар. Якая ганьба!
  І хоць бутэлька "чарніла" была ў яго руках, піць яму больш не хацелася. Так Міхась "пахмяліўся".


Рецензии