Дыялог

Наталька Бурдун
-Ты патрабуеш чысціні, навошта?
Яе ж  так цяжка захаваць!
Штодня свет прапануе тое,
Чым яе можна змарнаваць!

Быць добрым, чыстым ужо нямодна,
Дыктуе іншае жыццё:
Ідзі наперад, па галовах,
Бяры ад кожнага дня ўсё!

Жыві цяпер! Забудзь пра потым!
Вакол жа столькі прапаноў!
Працуй штодня ажно да поту:
Хто мае грошы, мае ўсё!

Жыві цяпер! Гуляй па-поўнай!
Усё без адказнасці, імён:
Спі з кім захочаш, карыстайся кожным,
Спрабуй і спайсы, й алкаголь!..

Жыві цяпер! Купі айфон ты!
Па праўдзе, без яго ты нуль!
Жыві цяпер, бяры крэдыты,
Забудзь пра заўтра і кайфуй!

Жыві цяпер! Будзь эгаістам!
Ёсць толькі ты, ты бог і цар!
Усе і ўсё табе павінны,
Дабро бяры і не вяртай!

-І ты ідзеш за прапановай,
І ад жыцця бярэш усё,
Кідаешся ва ўсе цяжкія,
Але ці шчасце ты знайшоў?

Уяві цяпер ты на імгненне,
Што раптам знікла гэта ўсё:
Няма ні дома, ні машыны
І толькі сэрца ёсць тваё!

А што ў ім? – і бруд, і цемра…
І гэта цягне цябе ўніз!
Але ж Айцец твой Міласэрны
Насустрач ужо табе бяжыць!

Гатовы ўсё табе прабачыць:
Ты ж Яго любае дзіця!
Гатовы ўвесці цябе ў брамы,
Зрабі свой крок ты да Айца!

-Але ж як мне сябе прабачыць:
Як я да гэтага дайшоў?..
Чаму ніхто не папярэдзіў?
Не падказаў мне як і што?

-Заставіў Бог табе наказы,
Не каб цябе абмежаваць –
Каб падказаць табе дарогу
І смутку каб не даць спазнаць!

Таму і просіць чысціні Ён,
Каб жыў шчасліва чалавек:
У згодзе са сваім сумленнем,
А пасля ў небе з Ім навек!

13.12.2015