***

Карпенка Аляксей
Стыне зораў кола.
Выклятаму роду
Не даюць анёлы
У міжзор'е ходу.

Рай на пераўліку,
Брама на засове.
Ісьціну ня выкуць
Багне бесчасоўя.

Кола Задыяка
Зацягні на шыі.
Зьбітага сабакі
Цень бязгучна ўзвые -

Недзе там, пад плотам,
Дзесьці тут, пад сэрцам.
Зоры - пазалота
Ржавага вядзерца.