***

Карпенка Аляксей
Не са злосьці  - па звычцы такой -
Глыб нябесная сьвет аплёўвае.
Што за радасьць яе, сталёвую,
Павітаць і ўпісацца ў спакой,

У закончанасьць сьветла-шэрую,
Сонны подых сырога дня.
Той удачы ня надта і веру я -
Быццам з долу рубель падняў.

Просты, зьзяе ў гразі і ў погані,
І каштуе чагось яшчэ.
Што за шчасьце між днямі воглымі
Чуць, як ціша ў душы цячэ.

Хто з трывогаў і нерваў вытканы -
Разумее каштоўнасьць дзён,
Калі бачыць, нарэшце, ён
Сьвет, прашыты спакою ніткамі.