Нататкi iншаземца

Аляксандра Фагот
Межы набліжаюцца, згушчаюцца,
юрліва казычуць галінамі дыму горла,
хворае на
звычайную прастуду.
безгалосую няўпэўненасць у сябе.
мімалётнае –ці вельмі лётнае– замілаванне,
якое аддаляе межы, намагаючыся іх пазбыцца.

Мюслі з моўнай галаваломкі
ўзбагачаюць і знясільваюць
сваёю каларыйнасцю і лішкам:
межы згортваюцца ў падзорную трубу
– пяшчотна дражняць вочы –
ці
распыляюцца задушлівым смогам
– галіннем лясоў шкрабуць па дыхальных шляхах –.

Палявыя пейзажы,
скрэсленыя старымі/новымі,
танімі/каштоўнымі, зручнымі/невыгоднымі цягнікамі,
ніколі не хваляцца сваімі межамі:
замест іх гэтае робяць спадарожнікі,
звыклыя плесці мастацкае павуцінне
з абсалютна пасрэдных матэрыялаў.

——
Два дні таму залева
ахутвала лакавы абутак,
займалася безнадзейна непатрэбнай справай:
хацела бліскучым зрабіць тое,
што само па сабе блішчыць.
Капронавыя райстопы яхідна глядзелі ў лужы:
хацелі таксама ззяць,
бурліць, і часам пеніцца,
цалаваць хвалямі зямлю
– карацей, даўжэй і яскравей жыць –.
Капялюш працягла назіраў за птушкамі –
узняўся, рассякаючы паветра краямі,
і быў бязлітасна пакрыўджаны
спачатку адсутнасцю крылаў,
а пазней сілай гравітацыі.
Ружовы парасон,
узбагачаны кветкамі сакуры,
трымаў мяне за руку і апавядаў байкі пра Японію.
Мімалётны –ці вельмі лётны–
голас чалавека—з-за—мяжы
руйнаваў мяжу гукавымі гранатамі.
——

Межы зліваюцца ў лінію,
што існуе толькі ў свеце абстракцый:
нясталая душа робіць яго
матэрыяльным й намацальным
і ўпарціцца напісаць "чыстасардэчнае",
занятая
– гульнёй у
сумневы.
здагадкі.
граматыку.
– паяданнем мюслі ў таварыстве спадарожнікаў,
змешчаных у цягніку, па-за вокнамі якога
счэрчаны межамі туман.