Пачуццёвае

Аляксандра Фагот
Сённяшняя поўня зайздросна
шчыпала за шчокі.
Капрызныя ліхтары
скрозь слёзы смяяліся змрокам.
Нехлямежныя прахожыя
непакоілі завулкі і закуткі
ўласнай прысутнасцю.
Белагрывыя пабрацімы
адстуквалі стык двух дзён.
Маўклівы фантан
не запрашаў загадваць жаданні.
Гарэзлівы Маякоўскі
жаночым голасам,
па-польску,
з акцэнтам,
апавядаў пра Пушкіна,
які два стагоддзі таму
напрарочыў сённяшнюю ноч.
Пляц пляскаў дзвярыма,
бразгаў брамамі
пад песню скрыпкі
і цэлую адну зорку Кракава,
надзейную прадвесніцу цудаў.
Важкая бражка імпэту
ўвянчала душу другім небам.