На старым Заслаускiм тракце

Сержук Сыс
Нібы змораныя сонцам беспрытульныя сабакі –
На старым Заслаўскім тракце паваліліся асіны…
Ім віхуры-завірухі ды дажджы даліся ў знакі,
Ім маланкі пасмалілі заліхвацкія чупрыны…

Мутнай восеньскай крывёю набрынялая лістота
Валацугаў падарожных яркай барвай спакушае.
Тут шукаць цяпер дарэмна першароднай адзіноты,
І трывожных перашэптаў лісцяў колішняга гаю.

Тут схавацца немагчыма ад нікчэмнай мітусніны,
І трывожна
               – быццам нож мне –
                сярод ценяў запусцення
Зарастаюць палынамі і ссівелаю ажынай
Скамянелыя асіны… пабялелыя бярвенні…

На мяжы каля Заслаўя, на сцяжынах занядбаных,
Ні табе якога следу, ні асіннікаў вячыстых…
Паляглі асіны ўпокат, нібы ў бітве партызаны,
Толькі цень мільгне раптоўна ў хмызняку кантрабандыста.

Кастрычнік, 2016 год.