Сучасная еурапейская эурыдыка-эмпуса

Аляксандра Фагот
Узнімаешся Ты на халодным, заплеснелым грунце.
Безаблічныя цені гадзін топяцца ў мармуровых лужах.
Штормавыя хвалі парасонаў з украпінамі бургундзі
абгінаюць зігзагам тваю квола-святую постаць.

Срэбны блакіт пакідае дыяменты на валасах –
ацнатляе Цябе кроплямі бескаштоўных эдэмскіх крыніц.
І калі б я сляпы быў, як старца Гамэр,
дакладна б заўважыў
бліскучую святасць твайго маўчання, ня-дотыкаў і вачніц.

У смарагдзе вачэй квітнеюць таямнічыя пушчы,
ды празяблы асфальт грэе рэха
іх усюдыісных вятроў.
Прамоклыя парасоны сутыкаюцца й разыходзяцца
на светлафорнай хрушчы
нібы хвалі разлучаных берагоў.

Прывабнасць красы тваёй – сваячка згубнасці ясянцоў.
О, – назаўсёды чужая – Венера, Эўрыдыка, Юнона,
ТЫ ўзнагародзіла б за пакуты ліру ўдаўца Апалона
песняй мацнейшай за трыумфальнае маўчанне дубоў!

Дантэ Табе б прысвяціў 5 соцен лірычных санетаў,
каб Ты стала
ўслаўленай Аўрорай даўчаснага Рэнесанса.
музаю Уільяма Шэкспіра і Лопе де Вегі,
дрыадай увенчанай фарбамі партрэтаў Вотергауса.

Геніі, раскіданыя па Гадэсе,
Лімбе, Чыстцы, Раі...
Мучацца, бо
МАЕ
пагляды лашчацца ў паднябессе
твайго румянцу
і сонных
палацунках небакраю,
пакінутых на ладдзях плячэй.
Адбітых у вачах трамваю.

Хмары выварочваюць бясколерную сінь паветра.
Бязлістыя парасоны трымцяць нейлоннымі купаламі.
Моргаю - здрадныя кіламетры з напышлівасцю цунамі
зневажаюць мяне за смерць праз заплюшчванне павекаў,
ствараюць з Цябе сладастрасны сон.
А мо гэта быў толькі ён?

Аднак Вергілій і мудрацы, зняволеныя ў лімбе,
натхнёна філасофствуюць пра Тваю вечнасць
і маю пагібель.