Песнi Чорнае Панны

Ольга Маро
    Зацемка аўтаркі. Кажуць, хто ўбачыць прывід Барбары Радзівіл у Нясвіжы, абавязкова     будзе шчаслівы. Я ўбачыла, нечакана, на фота. А нават пачула яе песні.
Хто не ведае легенды, можа далей не чытаць, бо будзе нецікава.
Як надта цікава, па спасылцы магчыма тое-сёе дазнацца.


Песні Чорнае Панны



Са мною кароль. Улюбёны кароль са мной!
Цалуе мяне, мілуе каханы мой.
Вужачкаю ўздоўж паўзе пацалункаў ніць.
Як скура ад ласкі княскай агнём гарыць!
Даволі пакоры, злосці маёй не досць.
Як цісне карона, добрая Ваша Мосць!
Ад вуснаў тваех пажадлівых да рукі-
Праменне шталёва-ржавае напрамкі.
Устаю з палахлівай пыхаю на лязо,
Няхай і на ліха мне, сорамам водар зор
Нябескае сцежкі стромкіх Ласей і Ліс,
Да бляску адшліфаваўшых былы карніз.
Ліслівыя песні – перламі ў вадасцёк,
Каб заначавалі неслухамі ля ног.
З усмешкай крывіцкаю, з ніцаю галавой
Табе прысягаю ў прыхамаці сваёй.

******

Праталіна.
Калужына.
Адчай.
Кароль? Смурод!
Асуджана, асуджана:
Твой трон- як эшафот.
Бізун ільсняны хмыліцца,
А пуга – пагатоў-
На скуры баязлівіцы-
Усмешкі пісакоў.
Сам за памылку ўласную
Сканаеш у журбе.
А смерць мая заўчасная –
Надсмешкаю табе.
Заўзятая свавольніца
Патопча нават ад,
Не здейсніцца, не споўніцца,
Не вернецца назад.
Смугою, Чорнай Паннаю
СкурЫ, як мае быць,
Як пазавеш падманную,
Усхочаш варажыць.
Бо з цемры апраметнае –
Не чалавек, а Звер.
Распусніцы паветранай
Даруй сабе, не вер.

******

А недзе вайна. Турботы, перавароты…
А я не адна, глынула мяне пяшчота.
Глынула і дусіцца, ікае і сціскае,
Глынула мяне пяшчота і ўсцяж глынае.
Зацяла валоссе ў кветкі мая красуня,
І дрэнчыць мяне, і крыўдзіць мяне, і псуе.
Цялёпкаючыся марна ў крывавай пене,
Усаджваю ёй паддых лакцяўё, каленне;
Кіпіць, надзімаецца, плавіцца шталь літая-
Крыло за крылом у даспехі мае ўрастае,
Драпежнае ружы рвуцца знутры пялёсткі-
Літаючы, гіну ў сутарзе бойкі жорсткай.
Душа пераможана валіцца на лапаткі,
Не ў белую плынь - праз вір пурпурова-вадкі-
У дзівосны танэль між Сонейкам і Луной.
…Са мною кароль, улюбёны кароль са мной.