Раница. Из воспоминаний

Владимир Хихол
  Веснавое сонца пасля кароткага начнога адпачынку пачынала свой чарговы працоўны дзень. Як толькі чуць яно выглянула з-за гарызонту, яго першыя праменні асвяцілі верхавіны дрэў лесу, які знаходзіўся недалёка ад мяне. І лес, прахапіўшыся ад сну, паспешна стаў скідваць з сябе начное цёмнашэрае пакрывала і апранаць новы светлазялёны ўбор. Прахапіліся ад сну і птушкі. Дзесьці ў глыбіні лесу заваркавалі лясныя галубы, застракатала сарока. Да іх далучыліся галасы і песні другіх птушак. Усе віталі сонца і новы дзень.
  Падняўшыся вышэй, сонца глянула і на поле. І поле заіскрылася мільёнамі зорак-расінак, якія віселі на травінках, на лісціках раслін, на пялёстках кветак. Многія расліны паспешна раскрылі свае бутоны і пацягнуліся к сонцу. Дзесьці, высока ў небе, заспяваў сваю бясконцую песню жаваранак. Кнігаўкі таксама, то ўзлятаючы ўвысь, то падаючы да зямлі, робячы кругі, сваімі крыкамі "кі-гі", "кі-гі" віталі новы дзень.
  Праснуўся і прыступіў да працы тоўсты чмель. Пералятаючы з кветкі на кветку, ён злізваў сваім доўгім язычком з іх салодкі пахучы няктар. Прыляцелі на поле і пчолкі. Яны таксама пачалі сабіраць з кветак няктар і пылок.
  Палоска поля, на якой пасвіўся мой статак, нагадвала вялікі прыгожы зялёны дыван з мноствам разнакаляровых палявых кветак з іскрынкамі, яшчэ не паспеўшай высахнуць, расы. Трава, якая за ноч напілася сокаў зямлі, была выдатнай ежай для жывёлы.
  Каровы апетытна сваімі шаршавымі языкамі захоплівалі і саскубвалі шматкі травы, скамечвалі і змочвалі слінай яе ў роце, заглытвалі ў страўнікі
  Назіраючы за наваколлем, у мяне паступова мяняўся настрой, забывалася крыўда. А крыўдна было ад таго, што кожны дзень на світанні, калі найбольш хочацца спаць, маці разбуджвала мяне гнаць на пашу ў поле кароў. Крыўдна было, што другія дзеці могуць спаць у гэты час, а я не магу.
  З крыўдай у душы, а падчас і са слязамі, я марудна паднімаўся з пасцелі, апранаўся, браў падрыхтаванае маці снеданне ў торбу і пануры выходзіў з хаты.
  Так было і сёння.
  Каб хутчэй пазбавіцца ад цяжкага настрою, я дастаў з кішэні складны ножык, зрэзаў з ракітавага куста, які рос недалёка на мяжы, галінку і пачаў рабіць свісток. Кара лёгка адставала ад драўніны, і свісток хутка быў гатовы.
  Я падняўся з каменю, на якім сядзеў, і вырашыў праверыць свісток. Прыклаў яго да губ і раптам астанавіўся. На палянцы, якая была зусім блізка ад мяне, трое зайчыкаў арганізавалі для сябе гулянку. Яны ганяліся адзін за другім, качаліся на спінах, нібы баронячыся ад ворагаў. Яны так натхніліся гульнёй, што забылі пра небяспеку. Я ж вырашыў ім напомніць аб гэтым і свіснуў.    
  Зайчыкі, нібы ў дзіцячай гульні "Замры!", раптам замерлі. Адзін прыпаў да зямді, імкнучыся ўціснуцца ў яе паверхню, другі падрыхтаваўся бегчы, аднак не ведаў у які бок. А трэці, стаўшы слупком на заднія лапкі, старанна прыглядваўся і прыслухоўваўся да наваколля.
  Я свіснуў другі раз. І тут мае зайчыкі, нібы стрэлы,выпушчаныя магутнай рукою з лука, імгненна кінуліся да лесу. Наўздагон ім я свіснуў яшчэ некалькі разоў, а потым, усеўшыся на камень, стаў высвістваць мелодыі знаёмых мне песень.
  Здалёку даносіліся галасы другіх пастухоў, якія спявалі песні, каб развеяць смутак і паскорыць час.
  Сонца ўжо паднялося высока і з вышыні ласкава глядзела на зямлю, радавалася ўсяму жывому і пасылала яму ў сваіх праменнях сваё цяпло і жыватворную энергію.