Гэты родны, святы гэты кут

Мария Ючкович
Да вытокаў вярнуцца сваіх,
Да пачатку, да чыстай крыніцы,
Дакрануцца душою да іх
Ды гаючай вадой прычасціцца;

Да амшараў, балотаў, лясоў,
Дзе маленства сляды пагубляла,
Дзе зярняткі буйных каласоў
Жыта ў полі маім калыхала.

Сэрвач ціхая ўдалеч плыве,
Прыпынюся на зыбкай кладцы.
У ласкавай рачной сіняве
Так любілі мы, дзеці, купацца.

І аповеды пра даўніну
Так уражвалі і захаплялі!..
Толькі час залаты не вярнуць.
Коціць Сэрвач няспынныя хвалі.

Да вытокаў вярнуцца і тут
Пастаяць ля крыжа, што вартуе
Гэты родны, святы гэты кут --
Маіх прадзедаў памяць святую.