кАХанькi

Аляксандра Фагот
Я б хацела, каб мае словы ўмелі ажываць.
Каб мае словы ўсміхаліся тваім вачам,
калі мяне няма побач.
Я б хацела, каб мае словы
нястрымана кідаліся саграваць
твае ільдзяныя рукі
(згубіш пальчаткі – дастанеш з кішэні словы,
цёплыя, лагодныя,
старана завернутыя мной ў паперу)
і горача цалавалі твае вусны,
скутыя сняжынкамі, спёкай ці дажджом.
Я б хацела,
каб яны расказвалі Табе перад сном байкі,
што нарадзіліся ў беларускім фальклёры,
шапталі вершы на розных мовах,
што з'явіліся на свет у розных эрах літаратуры,
клаліся побач на ложку,
апусцелым праз маю адсутнасць
і зноў цёплым праз іх цялеснасць.
Я б хацела, каб мае словы
спявалі Табе вясёлыя мелодыі,
калі раптам засумуеш,
каб зарываліся ў Цябе носам
і абдорвалі пяшчотамі,
рознавымяровымі і рознапачуццёвымі...
...каб былі мной, калі мяне няма.

А пакуль яны толькі вучацца ажыванню,
спазнаючы каханне Цябе.