Вышыванка

Ольга Маро
На маёй вышыванцы птушкі мае імклівыя
Неспакойныя крылы выпрасталі ў вярхі.
Тых зняволеных птушак спеўнымі пералівамі
Напаўняе нябесны вырай тугі мяхі.

Я квадратныя краты ім навяду ажынаю,
Ды крыжом справядлівасці мары не прытушыць.
На маю вышыванку вершы мае птушыныя
Высыпаюцца  з кола зрушанае душы.

Разлятаецца зерне зорнае васьмірожкамі,
Прарываецца вонкі полымя, як праклён.
Марна Лада кручкамі чэпіцца ды валошкамі-
Распрасоўваюць рукі грубы чырвоны лён.

Я заўзятае йголкі волі ўжо не асаджваю,
Хай ружовае збожжа выльецца ў рукавы,
Упячэ вышыванку Жыжаль-агмень  аранжавы
І паўздымуць кароны вогненныя ільвы.

Старажытныя знакі з’явяцца прад цікаўнаю,
Пракаветныя сэнсы цьмяныя (Божа, бронь!)
І разблытаўшы нітку, ураз ажыўлю выяву я:
Птушка. Сонейка. Кветка. Волат. Агонь.
Агонь!


Ева:
http://www.youtube.com/watch?v=VZ3FcKoF-W4