На зломе дзён

Юрий Игнатюк
На зломе дзён свядомасць б’е пад дых,
Сціскае сэрца вольнае паветра,
Зноў Цой пяе пра справу маладых,
І разумееш, што вайна – не рэтра.
На зломе дзён ламаецца жыццё,
А тыл становіцца пярэднім краем,
І адчуваеш шостым пачуццём,
Што быць над схваткай больш не выпадае.

На зломе дзён так хочацца ўначы
Пабыць даўжэй, адкласці абуджэнне,
Але ж ад раніцы мне не ўцячы –
Ёй не пачацца без майго рашэння.
На зломе дзён здаецца хаткай гмах,
А на зямлі з-пад ног сыходзіць неба,
Тут слабым быць перашкаджае страх,
А моцныя прасуюць тварам глебу.

На зломе дзён з’яўлюся зноў на свет,
Каб больш ужо ніколі не зламацца,
Каб зноў паспрабаваць пакінуць след
Там, дзе жыццю няма за што трымацца.
На зломе дзён, каб з сэрца скінуць страх,
Мы мусім, не зважаючы на досвед,
Прайсці па зруйнаваных гарадах
І іх убачыць непазбежны росквіт.

16 кастрычніка 2014 г.