крыудна i не у цеснаце

Аляксандра Фагот
Мне цесна
ў сваім вялікім свеце,
улагоджаным на 444 ружы,
класціся ў празодыю.
а зімоў
19 стагоддзя,
ловячы цені 60-ых гадоў,
замерзлыя кулі сонна
сэрцам сваім саграваць.
і вужыныя вагі
зараз жа босасцю
сціплай абмацаваць,
выкрыкваючы,
каго люблю.

Мне цесна
ў бела-чырвоных столях анёлаў
бачыць поўні пост-калапсу.
ускокваць на белага коня.
бегчы дадому наўгалоп.
ратаваць шчакою поўху,
злосную праз стому
– і лоп! –
знікаць у полымі
агнёвага коня.

Мне цесна
быць чацвёртай у тройцы.
ныркаваць па Асвятленні,
абараняючы тампліераў.
з Сарматамі песціць арлоў.
– і халера! –
мне вузка
ў любага бацькі трэнах.

Мне цесна
ў чатырнаццаці вачох сямі галоў
вывудзіць знаёмыя словы,
адкапаць калоссяў цяпло.
мне вывінці-мяне-навыварат цёмна
ў асяроддзі чужых няшчасцяў.
я беспустынная
бяскрылая шэльма,
я трынаццатае зло,
я астанкавы маладзік.

Я той, хто
восем вякоў адсутнічае,
існуючы.
Я той,
каму зашырока
ад прыгоннай і братняй душы.
Я той,
каму залюдна
ў возеры не мною абраных дарог.
Я той,
каму не належыць
тое, што ён аддаў
і збярог.
Я той,
каму нечакана цесна
часта дадому
вяртацца госцем.
Я той,
хто ў дзіравай кішэні сваёй
носіць неба
стагоддзяў
восем.