Два сярпы

Сержук Сыс
Сярпы за плячыма – яшчэ не прычына
Няўмольны зыход планаваць…   
Яшчэ ёсць найлепшая ў свеце жанчына,
Што ўмее караць і кахаць.

Яшчэ засталіся пякучыя словы
Нянавісці і дабрыні,
І ў кучарах шэрані шчэ напалову,
І ў позірку палкім – вагні.

Яшчэ засталіся хрусценне ігліцы,
І рысі-царыцы ў бары…
Ды нешта часцей і часцей сталі сніцца
Дняпро, і наш дом на гары.

Сярпы за плячыма – хіба што нагода
Зірнуць хітравата назад.
І жыць апантана, і йсці з асалодай
У свой залаты лістапад.

2017 г.